Майя Санду выйграла прэзідэнцкія выбары ў Малдове
Былая прэм’ер Малдовы і прадстаўніца праеўрапейскіх сіл Майя Санду пасля апрацоўкі 99% бюлетэняў лідзіруе ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Паводле звестак ЦВК Малдовы па стане на ноч 16 лістапада, Санду набірае 57% галасоў выбарцаў. Яе супернік, цяперашні прэзідэнт краіны, прарасейскі стаўленнік Ігар Дадон, мае 43%.
Санду падтрымалі звыш 910 тысяч грамадзян Малдовы, Дадона – больш 689 тысяч.
Паводле звестак ЦВК яўка на выбарах склала 52,76% – прагаласавалі больш 1,6 мільёна выбарцаў. Прычым выбары зацікавілі найперш старэйшае пакаленне: 32% прагаласаваўшых ад 56 да 70 гадоў. Тых жа, каму ад 18 да 25 гадоў, усяго 8%.
Кампанія Майі Санду прайшла пад лозунгам „Час добрых людзей”. У шматлікіх роліках і постах у сацсетках лідар правай праеўрапейскай партыі „Дзеянне і салідарнасць” заклікала „добрых людзей” аб’яднацца і разам будаваць еўрапейскую будучыню Малдовы – без алігархаў і карупцыі.
Беларускае Радыё Рацыя