Макей абмеркаваў са спецпрадстаўніком ЕЗ узаемадзеянне ў сферы правоў чалавека
Тэматыка беларуска-еўрапейскага ўзаемадзеяння ў сферы правоў чалавека абмяркоўвалася падчас тэлефоннай размовы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з адмысловым прадстаўніком Еўразвязу па правах чалавека Эйманам Гілмарам, паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства. Суразмоўцы таксама абмеркавалі меры, што прымаюцца ў мэтах барацьбы з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі.
«Макей адзначыў, што Беларусь на пастаяннай аснове абмяркоўвае ва ўзаемапаважлівым духу тэматыку правоў чалавека з ЕЗ і ЗША і мае намер працягваць гэтую практыку», – гаворыцца ў паведамленні. Прэс-служба МЗС не паведамляе, ці абмяркоўвалі Макей і Гілмар затрыманні і суды над некалькімі дзясяткамі ўдзельнікаў акцый салідарнасці з гомельскім блогерам ютуб-канала «Краіна для жыцця» Сяргеем Ціханоўскім, які адбывае 15-сутачны арышт у гомельскім ізалятары, а таксама над журналістамі, якія асвятлялі гэтыя акцыі. Напярэдадні ЕЗ асудзіў гэтыя затрыманні.
Беларускае Радыё Рацыя