Макей абмеркаваў з Барэлем мігранцкі крызіс
Тэлефонная размова міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з высокім прадстаўніком ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепам Барэлем адбылася сёння, 14 лістапада.

«З беларускага боку пацверджаная прынцыповая гатоўнасць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з ЕС. Падкрэслена бесперспектыўнасць санкцый і контрпрадуктыўнасць санкцыйных падыходаў для развіцця адносін па лініі Беларусь — ЕС. Абмеркавана складаная міграцыйная сітуацыя на мяжы Беларусі і ЕС.
Уладзімір Макей давёў да суразмоўцы інфармацыю аб зробленых Беларуссю кроках па скарачэнні патоку мігрантаў з краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу, аказанні гуманітарнай дапамогі бежанцам на мяжы, узаемадзеянні па гэтым пытанні з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі сістэмы ААН. Пацверджана зацікаўленасць у больш хуткім урэгуляванні міграцыйнага крызісу», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Бакі дамовіліся падтрымліваць адкрытымі каналы для дыялогу.
