Макей абмеркаваў з кіраўніцай пасольства ЗША развіццё беларуска-амерыканскіх дачыненняў
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 29 жніўня сустрэўся з часовым павераным у справах ЗША Джэніфер Мур. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, сустрэча адбылася ў сувязі з пачаткам дыпламатычнай місіі Мур у Беларусі.
Бакі абмеркавалі „актуальны стан і перспектывы развіцця беларуска-амерыканскіх адносін”.
Джэніфер Мур прыбыла ў Менск 17 жніўня. Яна змяніла на гэтай пасадзе Роберта Райлі, які працаваў у Беларусі са жніўня 2016 года.
Джэніфер Мур — кар’ерны дыпламат. Перад прыездам у Менск займала пасаду намесніка дырэктара ўпраўлення па справах Паўднёвай Еўропы Дзярждэпартамента ЗША, якое адказвае за адносіны з Турцыяй, Грэцыяй і Кіпрам. У яе багаты вопыт работы па еўрапейскай тэматыцы, і на працягу большай часткі сваёй кар’еры Мур спецыялізавалася ў пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва і рэформаў у сферы бяспекі. Яна таксама працавала намеснікам дырэктара ўпраўлення Дзяржаўнага дэпартамента па міратворчай дзейнасці, санкцыях i барацьбе з тэрарызмам, дарадцы па палітычных і эканамічных пытаннях пасольства ЗША ў Тыране, на розных пасадах у палітычным, ваенна-палітычным і эканамічным аддзелах пасольстваў ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.
Акрамя гэтага, Мур была дзяжурным супрацоўнікам аператыўнага цэнтра Дзярждэпартамента і асістэнтам памочніка дзяржсакратара ЗША па ваенна-палітычных пытаннях.
Дыпламат неаднаразова атрымлівала вышэйшыя ганаровыя ўзнагароды Дзярждэпартамента. Вывучала рускую, турэцкую, сербскахарвацкую, албанскую і інданезійскую мовы.
У 2008 годзе паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцыяў у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Беларусь пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў моцна скарочаны.
Новы пасол у Беларусі не прызначаны да гэтага часу — дыппрадстаўніцтвам у Менску кіруюць часовыя павераныя. Пасольствам Беларусі ў ЗША таксама кіруе часовы павераны. БелаПАН