Макей абвясціў пра планы закрыць пасольствы „як мінімум у некалькіх краінах”



 „Як мінімум у некалькіх краінах мы закрыем нашы пасольствы, дзе мы бачым, што на працягу доўгага перыяду іх праца не прыносіць патрэбнай знешнеэканамічнай аддачы”, — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей вузкаму колу журналістаў па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

„Мы паглядзім таксама на аптымізацыю дзейнасці тых ці іншых замежных устаноў у канкрэтных краінах. Ну, напрыклад, калі ўзяць В’етнам, Індыю, то, скажам, фінансавыя эканамічныя сталіцы гэтых краін знаходзяцца як мінімум за 1,5 тыс. кіламетраў ад рэальных сталіц — гэта Хашымін, Мумбай. І там размешчаныя буйныя фінансавыя цэнтры, буйныя прамысловыя цэнтры. І, на наш погляд, мэтазгодная там непасрэдна дыпламатычная прысутнасць беларускага боку, што дазволіць штодня ў такім пастаянным кантакце мець зносіны з тымі ці іншымі прадстаўнікамі, і гэта будзе мець карысць для Беларусі”, — сказаў Макей.

„Не хачу сказаць, што там мы закрыем дзесяць пасольстваў і адразу ж адкрыем дзесяць пасольстваў дзесьці ў адным рэгіёне, адкрыем дзесяць у іншым рэгіёне. Такога няма. Мы будзем рухацца паступова”, — зазначыў ён.

6 красавіка Лукашэнка падчас нарады аб беларускіх замежных установах прапанаваў аптымізаваць колькасць беларускіх пасольстваў і штат дыпламатычных місій. „У шэрагу краін наш шматгадовы вопыт сведчыць пра тое, што перспектывы беларускай дыпламатычнай прысутнасці там не праглядаюцца. Дык навошта нам захоўваць свае пасольствы, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманне? Да чаго там поўны штат дыпламатаў, якія адказваюць за напрамкі, якія пастаўленыя на паўзу, мякка кажучы? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by