Макей: Ад Расеі не адварочваемся, але хочам быць менш залежнымі



Падчас свайго брыфінгу ў Варшаве Уладзімір Макей пракаментаваў нафтагазавую спрэчку Беларусі і Расеі, адзначыўшы, што нягледзячы ні на што, Расея застаецца галоўным партнёрам Беларусі. Беларусь не выйдзе з цеснага хаўрусу з Расеяй, але будзе намагацца зменшыць сваю залежнасць ад Масквы, сказаў міністр:

— Мы не збіраемся адрывацца ад Расеі, мы разумеем, што ў эканамічным плане Беларусь дастаткова моцна залежыць ад гэтага. Але мы хочам выйсці з гэтай залежнасці, быць менш залежнымі ад адной дзяржавы, што асабліва шкодна перад абліччам фінансавых і эканамічных крызісаў і мы былі гэтаму сведкамі.

Кіраўнік беларускага МЗС дадаў, што ў нацыянальных інтарэсах Беларусі развіваць адносіны з краінамі Еўрапейскага Звязу, а таксама з іншымі геапалітычнымі гульцамі, такімі як ЗША і Кітай. У той жа ж час Уладзімір Макей дадаў, што пабудова адносінаў з Захадам не робіцца за кошт адносінаў з Расеяй.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава