Макей: Апасенні з нагоды сумесных вучэнняў абсурдныя і недарэчныя



Асцярогі з нагоды сумесных вучэнняў Беларусі і Расеі „Захад-2017” абсурдныя і недарэчныя, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 5 чэрвеня на сумесным пасяджэнні калегій МЗС Беларусі і Расеі ў Маскве.

„Даводзіцца зноў згадваць абсурдныя, недарэчныя асцярогі з нагоды рэгулярных сумесных вучэнняў „Захад”. Яны будуць максімальна транспарэнтнымі і адкрытымі для назіранняў”, — цытуе Макея ТАСС.

Беларускі міністр таксама адзначыў, што разгортванне элементаў ПРА ў Еўропе і ўзмацненне ўсходняга флангу НАТА парушаюць стратэгічны баланс сіл у рэгіёне.

„Разгортванне элементаў ПРА ў Еўропе, узмацненне ўсходняга флангу НАТА становяцца фактарамі, якія правакуюць парушэнне стратэгічнага балансу сіл і, па вялікім рахунку, новую гонку ўзбраенняў”, — сказаў Макей.

Паводле яго слоў, НАТА не жадае сёння бачыць у Расеі раўнапраўнага партнёра. „Гэта рэзка звужае варыянты для супрацы, вядзе да падтрымання высокага ўзроўню напружанасці ў рэгіёне”, — лічыць Макей.

У сваю чаргу Лаўроў адзначыў, што на запланаванай двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Расеі плануецца абмеркаваць каардынацыю намаганняў па выбудоўванні адносін з НАТА ў святле апошніх рашэнняў на саміце альянсу.

„Нам трэба будзе абмеркаваць каардынацыю падыходаў да выбудоўвання адносін з Паўночнаатлантычным альянсам, — сказаў ён. — У святле рашэнняў апошніх самітаў НАТА мы вымушаныя канстатаваць, што прымаюцца спробы змяніць існуючы баланс сіл у Еўропе, беспрэцэдэнтнае з моманту заканчэння халоднай вайны нарошчванне ваеннага патэнцыялу блока, павелічэнне маштабаў ваенна-трэніровачнай актыўнасці, як і працяг стварэння амерыканскай сістэмы ПРА дэстабілізуюць сітуацыю на еўрапейскім кантыненце”.

Паводле слоў Лаўрова, такія дзеянні „супярэчаць рашэнню самітаў АБСЕ і самітаў Расея — НАТА аб стварэнні ў Еўраатлантыцы адзінай прасторы міру, бяспекі і стабільнасці” і наўпрост закранаюць нацыянальныя інтарэсы Расеі і Беларусі. „Узгодненыя дзеянні нашых краін, у тым ліку па лініі АДКБ, дзе ў гэтым годзе старшынствуюць беларускія сябры, набываюць асаблівае значэнне”, — сказаў Лаўроў.