Макей: Беларусь гатовая накіраваць пасла ў ЗША ў найбліжэйшы час



Беларусь гатовая накіраваць пасла ў ЗША ў найбліжэйшы час. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 4 лютага ў Менску.

„У мінулым годзе, калі мы гаварылі на гэтую тэму, была выказана думка, што на працягу года, магчыма, будуць накіраваны паслы ў нашы краіны, — сказаў ён. — Мы са свайго боку можам накіраваць нашага прадстаўніка ў найбліжэйшы час. У найбліжэйшы час — гэта на працягу некалькіх месяцаў, таму што трэба выканаць некаторыя пратакольныя і тэхнічныя патрабаванні”.

На пытанне БелаПАН, хто разглядаецца на гэтую пасаду, Макей адказаў: „Розныя кандыдатуры абмяркоўваюцца. Як заўсёды пры прызначэнні мы спачатку абмяркоўваем максімальную колькасць магчымых кандыдатур, а далей ужо падчас абмеркавання яны адсейваюцца, застаецца мінімум. Але на разгляд кіраўніка дзяржавы мы даем заўсёды альтэрнатыву.

„Каментуючы паведамленне часопіса Foreign Policy пра тое, што паслом ЗША ў Беларусі можа быць прызначана кар’ерны дыпламат Джулі Фішэр, Макей сказаў: „Пакуль мы яшчэ не атрымалі афіцыйнага запыту (па кандыдатуры.), але зыходзячы з таго, што мы прачыталі ў СМІ, ёсць намер накіраваць у найбліжэйшы час свайго пасла ў Беларусь. Думаю, што, калі гэта адбудзецца, гэта будзе сведчаннем таго, што ЗША сапраўды зацікаўлены ў найхутчэйшай нармалізацыі адносін з Беларуссю”.

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Майкл Пампеа на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Мінску па выніках перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам пацвердзіў магчымасць прызначэння амерыканскага пасла ў Беларусі ў найбліжэйшы час.

„Што тычыцца пасла, хутчэй за ўсё, гэта будзе ў найбліжэйшым часе, — сказаў ён. — Мы зрабілі шмат прасоўванняў у гэтым пытанні і спадзяемся, што не так шмат часу пройдзе да таго, як мы прызначым пасла”.

„Дыпламатычныя адносіны палепшыліся, колькасць дыпламатаў амаль падвоілася. Гэта ўжо карысна для ЗША і Беларусі”, — канстатаваў дзяржсакратар Злучаных Штатаў.

Пасольства ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Па патрабаванні беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

У сакавіку 2019 года Менск афіцыйна паведаміў Вашынгтону аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося 4 сакавіка на сустрэчы Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.

17 верасня намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хейлі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску заявіў аб тым, што Беларусь і Злучаныя Штаты прынялі рашэнне аб аднаўленні дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.

belapan.by