Макей: Беларусь катэгарычна не прымае любога ўжывання хімічнай зброі



«Мы катэгарычна не прымаем любога выкарыстання хімічнай зброі», — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сёння ў Менску на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння савета міністраў замежных спраў краін СНД.

Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь пазбавілася ад усіх запасаў хімічнай зброі на сваёй тэрыторыі і строга выконвае ўсе свае абавязацельствы ў гэтай сферы.

Кажучы пра інцыдэнт у Солсберы (Вялікабрытанія), Макей адзначыў, што Беларусь выступае за аб’ектыўнае расследаванне здарэння з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў.

Мы за аб’ектыўнае расследаванне гэтага інцыдэнту, здарэння, злачынства, не важна, як называць, з прыцягненнем усіх бакоў. Мы катэгарычна не прымаем выкарыстання хімічнай зброі у любой форме, у любым месцы і ў любы час. У нас няма гэтай зброі, мы яе знішчылі, і свята выконваем усе адпаведныя міжнародныя дамовы і пагадненні ў гэтай сферы. Мы супраць таго, каб навешваць нейкія ярлыкі да таго, як будуць атрыманыя нейкія канкрэтныя аргументы і доказы.

Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў падрыхтуе заяву аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў.

Беларускае Радыё Рацыя