Макей: Беларусь выступае за моцную і адзіную Еўропу



Беларусь выступае за моцную і адзіную Еўропу, а таксама ўстойлівае еўразійска-атлантычнае партнёрства, у тым ліку ў ваенна-палітычнай сферы. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 4 чэрвеня на экспертным семінары „10 гадоў Усходняму партнёрству: вынікі і перспектывы” ў Менску.

„Неабходна аб’яднацца для асваення перспектыўных магчымасцяў і супраць скразных, агульных для ўсёй Еўропы — і ўсходняй, і заходняй — выклікаў і пагроз, — сказаў Макей. — Думаю, што ні адна дзяржава свету не хацела б вяртання да таго сусветнага парадку, які многія яшчэ зусім нядаўна лічылі беззваротным мінулым. Шлях біпалярнага супрацьстаяння, размежавання сфер уплыву і блокавага мыслення — гэта тупіковы шлях. Калі падзеі будуць развівацца па гэтай траекторыі, то ў хуткім часе ўсе глабальныя пытанні зноў будуць вырашацца вузка і групай краін, а галасы ўсіх астатніх будуць ігнаравацца”.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь катэгарычна супраць такога падыходу. „Мы лічым, што галасы ўсіх краін павінны быць пачутыя, малыя і сярэднія дзяржавы таксама павінны іграць сваю ролю ў глабальнай сусветнай палітыцы. Давер і зняцце бар’ераў — гэта ключавыя фактары стабільнасці ў нашым рэгіёне”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Ён адзначыў, што, будучы членам АДКБ, Беларусь у той жа час аднавіла ваеннае супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй, Германіяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай і ЗША. „Мы наладжваем цеснае ўзаемадзеянне з суседнімі краінамі — членамі НАТА ў галіне абмену інфармацыяй, — сказаў Макей. — Паспяхова развіваем супрацоўніцтва з ЗША па лініі праваахоўных органаў, у тым ліку Дзяржпагранкамітэт, Следчы камітэт і МУС. Мы зацікаўлены ў заключэнні з ЗША пагаднення па эканамічных пытаннях, у тым ліку аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання”.

Разам з тым, адзначыў міністр, Беларусь лічыць „глыбока памылковымі” планы ўзмацнення ваеннай прысутнасці ЗША на тэрыторыі суседніх з Беларуссю дзяржаў, у першую чаргу на тэрыторыі Польшчы. „Такая ваенная прысутнасць парушыць раўнавагу сіл у рэгіёне. Нам незразумелая і яе мэта. У чым яна заключаецца? У адбіцці пагрозы? Але неймаверна, каб у XXI стагоддзі, пры цяперашнім узроўні назапашанага ў рэгіёне ваеннага патэнцыялу, хто-небудзь адважыўся справакаваць прамое баявое сутыкненне”, — падкрэсліў ён.

„Аднак узмацненне ваеннай прысутнасці НАТА на нашых межах з высокай доляй верагоднасці выклікала б люстраныя крокі па іншы бок мяжы, — дадаў міністр. — Ці трэба гэта каму-небудзь у цяперашняй сітуацыі? Менш за ўсё гэта трэба нам, беларусам. Але ў той жа час у нас ёсць цалкам канкрэтныя саюзніцкія абавязацельствы ў ваенна-палітычнай сферы, абавязацельствы па калектыўнай бяспецы. І мы, вядома ж, будзем іх выконваць”.

Паводле слоў Макея, альтэрнатывай „усё больш небяспечнаму павышэнню ставак у рэгіёне” Беларусь лічыць „паступальную разрадку на базе шырокага дыялогу ўсіх бакоў па ўзоры Хельсінкскага працэсу 70-х гадоў мінулага стагоддзя”. „Трэба абмяркоўваць пагрозы і іх рознае ўспрыманне бакамі, дамаўляцца пра механізмы дээскалацыі і ўмацавання даверу. Вельмі важна ў гэтым плане слухаць і пачуць адзін аднаго”, — сказаў кіраўнік МЗС.

belapan.by