Макей: Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі не падпішуцца заўтра-паслязаўтра
Падпісання пагадненняў Беларусі з ЕЗ аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі „заўтра-паслязаўтра” чакаць не варта. Такое меркаванне выказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей у інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным увечары 22 ліпеня.
Размова адбылася падчас візіту кіраўніка МЗС Беларусі ў Латвію 19 ліпеня.
„Пытанні аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі знаходзяцца на стале нашых перамоў з Еўрапейскім саюзам. Не магу сказаць, што яны будуць падпісаныя літаральна заўтра-паслязаўтра. Там ёсць некалькі момантаў, па якіх мы цяпер працягваем кансультацыі з нашымі еўрапейскімі партнёрамі”, — сказаў Макей.
Паводле яго слоў, важна, што ёсць абсалютнае разуменне „неабходнасці прагрэсу ў адносінах, пазітыўнай атмасферы ў адносінах”.
Падчас анлайн-канферэнцыі МЗС у „Фэйсбуку” 18 ліпеня было заяўлена: Міністэрства замежных спраў Беларусі спадзяецца знайсці „ўзаемапрымальныя развязкі” у перамовах аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўразвязам.
У МЗС не раскрываюць дэталі перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму, аднак падкрэсліваюць, што „партнёры вылучаюць шэраг умоў, якія ставяць нашых грамадзян у не вельмі камфортнае становішча„. „Патрабаванне аб падачы дакументаў выключна праз візавыя цэнтры ў іх ліку. Над вырашэннем у тым ліку і гэтых праблемных аспектаў мы працуем сумесна з нашымі партнёрамі з прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі. На наш погляд, няма аб’ектыўных прычын, якія перашкодзілі б нам знайсці ўзаемапрымальныя развязкі„, — адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.
Перамовы па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Беларусь і Еўрасаюз вядуць ужо некалькі гадоў. Паводле наяўнай інфармацыі, застаюцца неўрэгуляванымі некалькі тэхнічных пытанняў: увядзенне біяметрычных пашпартоў, адкладзены перыяд па пагадненні аб рэадмісіі. БелаПАН