Макей едзе ў Славакію
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 3 верасня наведае з рабочым візітам Славакію, паведамляе прэс-служба МЗС.
У Браціславе Макей возьме ўдзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін — членаў Еўрапейскага саюза і краін — удзельніц ініцыятывы „Усходняе партнёрства”, у межах якой плануецца абмеркаванне рэгіянальнай сітуацыі і перспектыў развіцця ініцыятывы.
Гэта ўжо другі еўрапейскі візіт міністра замежных спраў за апошнія дні. Так, 1 верасня Макей знаходзіўся ў нямецкім Патсдаме, дзе ўдзельнічаў у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС АБСЕ. Міністр „праінфармаваў пра бачанне Беларусі адносна развіцця сітуацыі ў сферы бяспекі ў рэгіёне АБСЕ, адзначыўшы, у прыватнасці, рост напружанасці і розных пагроз”. Макей заклікаў партнёраў па АБСЕ „да сумесных дзеянняў па аднаўленні жыццяздольнасці рэжыму кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе, гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў і ўрэгуляванні існых канфліктаў, уключаючы ўкраінскі крызіс, і пацвердзіў гатоўнасць Беларусі ўсяляк садзейнічаць гэтым працэсам”.