Макей: Гэта быў адзін з самых паспяховых самітаў „Усходняга партнёрства”
Саміт „Усходняга партнёрства”, які адбыўся ў Бруселі 24 лістапада, быў адным з самых паспяховых у гісторыі дадзенай ініцыятывы. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі.
„Лічу, што гэта быў адзін з самых паспяховых самітаў, таму што ўпершыню за апошнія гады была прынятая без асаблівых спрэчак заключная дэкларацыя саміту, — сказаў ён. — Гэтая дэкларацыя, як мы ў свой час і прапаноўвалі нашым партнёрам, адпавядае нашым чаканням, яна накіравана ў цэлым у будучыню ў тым плане, што яна не ўтрымлівае канфрантацыйнай рыторыкі, не накіраваная супраць трэціх дзяржаў, якія таксама пільна глядзяць за развіццём Усходняга партнёрства. Яна адказвае нашым чаканням, таму саміт прайшоў, з нашага пункту гледжання, у цэлым на пазітыўнай ноце”.
Па словах Макея, у сваім выступленні на саміце ён абазначыў бачанне Беларуссю перспектыў развіцця сітуацыі ў рэгіёне і перспектыў будаўніцтва светапарадку. „Расказаў пра ініцыятывы, якія былі вылучаныя ў свой час кіраўніком беларускай дзяржавы, і пра тое, чаму неабходна акцэнтаваць увагу на гэтых ініцыятывах і развіваць іх, — сказаў Макей. — Адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый краін ЕЗ і краін-партнёраў, а таксама міністрамі замежных спраў, падчас якіх былі абмеркаваныя тэмы развіцця двухбаковых адносін і ўзаемадзеяння з нашым агульным важным партнёрам — Еўразвязам”.
На пленарнай сесіі Макей сядзеў побач з канцлерам Германіі Ангелай Меркель. „Некалькімі прапановамі абмяняўся са спадарыняй Меркель, але не лічу магчымым гаварыць пра гэта падрабязна”, — сказаў кіраўнік беларускага МЗС.
Ён адзначыў, што правёў двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі ўсіх дэлегацый краін „Усходняга партнёрства”, а таксама з некаторымі кіраўнікамі дэлегацый краін ЕЗ і з прадстаўнікамі Еўракамісіі.
belapan.by