Макей і Хан абмеркавалі планы супрацы Беларусі і ЕЗ
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей абмеркаваў 15 кастрычніка ў Люксембургу з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Ёханесам Ханам перспектывы падпісання прыярытэтаў партнёрства Беларусі і ЕЗ.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства бярэ ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ і Усходняга партнёрства.
„Сустракаліся з еўракамісарам Ёханесам Ханам. Гаварылі па ўсім спектры нашага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку і пра перспектывы падпісання ў найбліжэйшы час так званых прыярытэтаў партнёрства, якія ўяўляюць сабой праграму нашага супрацоўніцтва на найбліжэйшыя гады”, — расказаў Уладзімір Макей у праграме навін тэлеканала ОНТ.
Раней МЗС спадзяваўся завяршыць перамовы з ЕЗ па пагадненні аб прыярытэтах партнёрства да канца гэтага года.
Напярэдадні сустрэчы ў Люксембургу прэс-служба Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў паведамляла, што старшынстваваць на перамовах будзе вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні.
„Сустрэча дасць магчымасць аднавіць палітычны дыялог паміж ЕЗ і ўсходнімі партнёрамі, — адзначалася ў рэлізе. — Міністры замежных спраў таксама падвядуць вынікі выканання абавязацельстваў у рамках партнёрства, уключаючы прыярытэты „20 задач на перыяд да 2020 года”. Гэтыя задачы былі прынятыя на апошнім саміце Усходняга партнёрства ў лістападзе 2017 года для ўмацавання эканомікі, сістэмы кіравання, узаемадзеяння і грамадства”.
Сустрэча таксама стане магчымасцю абмеркаваць ідэі для святкавання 10-й гадавіны Усходняга партнёрства ў маі 2019 года.
Фота twitter.com/BelarusMID