Макей і Харстэд абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва
У Менску 23 студзеня адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея са спецыяльным прадстаўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Кентам Харстэдам.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, бакі абмеркавалі агульную сітуацыю ў рэгіёне адказнасці АБСЕ, адносіны Беларусі з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, а таксама перспектывы супрацоўніцтва са спецпрадстаўніком, „у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, уключаючы выбарчую праблематыку”.
„Уладзімір Макей адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння Беларусі з АБСЕ і яе Парламенцкай асамблеяй, дасягнуты ў апошнія гады, а таксама пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку да канструктыўнага супрацоўніцтва са спецпрадстаўніком ПА АБСЕ па ўсіх тэмах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, — гаворыцца ў паведамленні.
Кент Харстэд наведвае Беларусь 22—24 студзеня. Гэта яго першы візіт у краіну на пасадзе спецпрадстаўніка ПА АБСЕ. Асноўнай мэтай візіту з’яўляецца абмеркаванне рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ па паляпшэнні беларускага выбарчага заканадаўства.
22 студзеня спецпрадстаўнік ПА АБСЕ сустрэўся з кіраўніком ЦВК Ярмошынай, кіраўніцтвам парламента і прадстаўнікамі апазіцыі, а 23 студзеня — з Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Апошні раз Харстэд наведваў Менск у ліпені 2017 года для ўдзелу ў працы летняй сесіі ПА АБСЕ. Падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі ў 2016 годзе ён каардынаваў працу місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ.
belapan.by