Макей і Лаўроў абмеркавалі патрабаванне Арменіі памяняць генеральнага сакратара АДКБ
28 ліпеня 2018 года адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым.
Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а таксама сітуацыю, якая склалася вакол Генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), паведамляецца на сайце МЗС Беларусі.
Учора Сяргей Лаўроў заявіў, што Арменія павінна афіцыйна адклікаць свайго грамадзяніна Юрыя Хачатурова з пасады генеральнага сакратара АДКБ. У Арменіі суд прад’явіў яму абвінавачванні ў звяржэнні канстытуцыйнага ладу ў сакавіку 2008 года. Ён быў арыштаваны, але выпушчаны пад заклад у памеры 5 млн драмаў (10,4 тыс. долараў ЗША).
Паводле слоў прэс-сакратара МЗС Арменіі Тыграна Балаяна, прапанова аб замене генеральнага сакратара АДКБ звязаная з асаблівай важнасцю аўтарытэту арганізацыі і забеспячэннем яе нармальнага функцыянавання, піша БелаПАН.