Макей і Магерыні абмеркавалі пытанні супрацы Беларусі і Еўразвяза



Пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза абмяркоўваліся на перамовах міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні.

Як паведамляе прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, сустрэча адбылася 31 мая ў Бруселі.

Бакі абмеркавалі „блізкі да завяршальнага стан спраў” па перамовах аб новых, індывідуальных прыярытэтах партнёрства ЕС і Беларусі і дамовіліся паскорыць іх распрацоўку, што стала б важным „будаўнічым блокам” для двухбаковых адносінаў, у тым ліку ў дачыненні да фінансавай дапамогі.

Сустрэча таксама дала магчымасць абмеркаваць правы чалавека і асноўныя свабоды. Магерыні пацвердзіла, што рэальныя крокі Беларусі да забеспячэння ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненні да прымянення смяротнага пакарання, з’яўляюцца ключавымі для фарміравання будучых адносінаў Беларусі і ЕС. У святле паведамленняў аб новых пакараннях смерцю ў Беларусі, а таксама аб смяротных прысудах, пакінутых у сіле Вярхоўным судом, Магерыні падкрэсліла прычыны рашучага і адназначнага непрымання Еўрапейскім саюзам смяротнага пакарання пры любых абставінах і важнасць таго, каб Беларусь увяла мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.

Магерыні і Макей таксама абмеркавалі неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва ў пытаннях ядзернай бяспекі, у прыватнасці ў дачыненні да будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Паводле слоў Магерыні, ЕС прыхільны да забеспячэння стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні для Беларусі на карысць яе народа і будзе працягваць працаваць з усімі зацікаўленымі бакамі над дасягненнем гэтай мэты.

Еўракамісар паведаміла, што ЕС пачынае ў Беларусі першую агульнанацыянальную камунікацыйную кампанію „Разам мы робім жыццё лепшым”. Кампанія закліканая звярнуць увагу на станоўчыя вынікі двухбаковага супрацоўніцтва для беларусаў і раскажа пра канкрэтныя вынікі праектаў, што фінансуюцца Еўрасаюзам, у галіне эканамічнага росту, энергаэфектыўнасці і аховы здароўя.

belapan.by

Фота twitter.com/BelarusMID