Пампеа пацвердзіў гатовасць ЗША неадкладна пастаўляць нафту ў Беларусь
„Дзяржсакратар Пампеа падзякаваў міністру замежных спраў Макею за паспяховы візіт у Менск 1 лютага і зноў заявіў аб падтрымцы ЗША беларускага суверэнітэту. Дзяржсакратар пацвердзіў гатовасць амерыканскіх кампаній неадкладна пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь па канкурэнтных рынкавых цэнах”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Дзяржсакратар і кіраўнік МЗС таксама абмеркавалі магчымасці нарошчвання двухбаковых дзелавых сувязяў, уключаючы планы візіту гандлёвай дэлегацыі ЗША высокага ўзроўню ў Менск у канцы гэтага года”, — падкрэсліла кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША.
У сваю чаргу прэс-служба беларускага МЗС паведаміла, што „бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня, уключаючы тэматыку энергетычнай бяспекі”. Па чыёй ініцыятыве адбылася размова, у паведамленні МЗС не гаворыцца.
Майкл Пампеа наведаў Менск 1 лютага 2020 года. Гэта быў першы за апошнія 25 гадоў візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША.
Па выніках перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам дзяржсакратар заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах.
Лукашэнка на нарадзе 3 сакавіка нагадаў чыноўнікам, што па пытанні паставак нафты былі вельмі сур’ёзныя заявы і намеры з боку ЗША. „З дзяржсакратаром я на гэтую тэму размаўляў — дапамагчы нам з інфраструктурай і пастаўкамі нафты. Пампеа сам прапанаваў па канкурэнтных цэнах гэтую нафту. І на мюнхенскай канферэнцыі была заява: яны выдзелілі 1 млрд долараў ЗША для будаўніцтва аб’ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, — сказаў Лукашэнка. — У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі. Недзе нам трэба пара перамычак, якія ўрад разлічвае будаваць аж тры гады. Не будзе гэтага. Паўтара-два гады, не больш! І 100—120 млн долараў мы самі знойдзем на гэтыя перамычкі”. „Таму трэба проста варушыцца”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
Варта адзначыць, што апошнія дні кошт нафты на сусветным рынку рэзка знізіўся пасля таго, як 6 сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі краін АПЕК Расея адмовілася ад прапановы Саудаўскай Аравіі дадаткова скараціць вытворчасць нафты з-за эпідэміі каранавіруса і падзення попыту на нафту. З 1 красавіка перастане дзейнічаць здзелка аб скарачэнні здабычы АПЕК+, якая дазваляла ўтрымліваць цэны на нафту ад падзення на працягу больш як трох гадоў.
Пасля разрыву здзелкі цэны на вуглевадародную сыравіну маркі Brent абваліліся з 46 да 31 даляра ЗША за бараль. Затым яны выраслі, і цяпер Brent таргуецца па 34 даляры за бараль.
belapan.by