Макей і Здраеўскі абмеркавалі ключавыя пытанні
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся 18 ліпеня ў Менску з кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богданам Здраеўскім.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, падчас сустрэчы адбылася „адкрытая размова па самым „адчувальных” тэмах, уключаючы праблематыку правоў чалавека”.
„Бакі абмяняліся пазіцыямі па ключавых пытаннях узаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з Еўразвязам і Еўрапейскім парламентам, у прыватнасці ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, адукацыйнай і іншых сферах, а таксама абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне”, — гаворыцца ў паведамленні.
Дэлегацыя Еўрапарламента на чале са Здраеўскім знаходзіцца ў Беларусі 18—19 ліпеня. У яе склад увайшлі дэпутаты Германіі, Латвіі, Літвы і Польшчы ад чатырох палітычныя груп Еўрапарламента.
Ужо адбылася сустрэча з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком, на якой было заяўлена пра зацікаўленасць Беларусі ў развіцці дыялогу з ЕЗ. Было падкрэслена, што гэта першая афіцыйная сустрэча беларускіх дэпутатаў з дэлегацыяй Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.
Еўрапарламентарыі таксама плануюць сустрэцца з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
belapan.by