Макей: Лозунг аб квітнеючай Беларусі сугучны логіцы Усходняга партнёрства
У рамках Усходняга партнёрства неабходна найпреш вырашаць эканамічныя задачы — павышэнне дабрабыту грамадзян і канкурэнтаздольнасці эканомік, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 17 лістапада на Менскім форуме.
„Беларусі ў якасці партнёра неабходны моцны і ўплывовы Еўразвяз. Мы лічым, што ключ да яго аўтарытэту і ўплыву — гэта рэалістычныя мэты: павага спецыфічных патрэб як рэгіёна ў цэлым, так і кожнай з яго краін”, — сказаў міністр.
З іншага боку, падкрэсліў Макей, „надзейныя суседзі — гэта залог стабільнасці”. „Наш лозунг „Моцная і квітнеючая Беларусь” шмат у чым сугучная цяперашняй логіцы Усходняга партнёрства, рэальнае ўвасабленне якога сёння значна больш прагматычнае, заземленае і блізкае Беларусі і іншым удзельнікам”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС.
„Мы заўсёды дамагаліся, каб Усходняе партнёрства працавала на дабрабыт рэгіянальнага развіцця. Неабходны справядлівы баланс паміж эканамічным ростам і дэмакратыяй, тэмпамі і ўстойлівасцю рэформ. Перакананы, што ў гэтым выпадку і наш рух па шляху да развіцця дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці быў бы нашмат больш хуткім. Прыемна, што і сам Еўрапейскі саюз паступова прыходзіць да такога разумення. Разлічваем, што маючы адбыцца 24 лістапада саміт у Бруселі замацуе гэтую тэндэнцыю і зробіць Усходняе партнёрства больш эфектыўным, раўнапраўным і адаптаваным да сучасных рэалій”, — заявіў міністр.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што дзве з шасці краін ініцыятывы „Усходняе партнёрства” ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, а тры дзяржавы звязаныя зонамі свабоднага гандлю з Еўразвязам. „Такім чынам, на пляцоўцы Усходняга партнёрства ўжо на штодзённай аснове адбываецца судакрананне дзвюх інтэграцый. Таму гэтай ініцыятыве аб’ектыўна наканавана адыграць сваю ролю ў іх збліжэнні”, — сказаў Макей.
belapan.by