Макей: Менск і Вашынгтон вядуць перамовы



„Мы вядзем перамовы на розных узроўнях з ЗША аб тым, як развіць пазітыўную атмасферу ў нашых адносінах, зыходзячы з разумення, што абедзве краіны павінны быць прадстаўлены на ўзроўні паслоў”, — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 14 студзеня ў Менску.

„Мы вядзем перамовы па ўсім спектры праблемных пытанняў, у тым ліку і па пытаннях, звязаных з пашырэннем дыпламатычнай прысутнасці абедзвюх дзяржаў”.

Міністр назваў санкцыі перажыткам мінулага, ад якога трэба сыходзіць. „Калі ў нас калісьці ў мінулым былі прынятыя нейкія рашэнні, якія ўплываюць на якасць, на ўзровень нашага супрацоўніцтва, і калі мы бачым, што саспелі ўмовы для змен, то трэба прымаць гэтыя рашэнні. Гэта датычыцца і нашых адносін з ЗША”, — сказаў Макей.

„Мы разумеем, якую ролю іграюць Злучаныя Штаты ў свеце, мы разумеем, што гэта адна з вядучых дзяржаў на сёння. У рамках дыверсіфікацыі нашых знешнепалітычных і знешнеэканамічных адносін мы зацікаўлены ў развіцці нармальнага супрацоўніцтва з ЗША”, — дадаў кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, цяперашнюю сітуацыю ў свеце не параўнаць з тым, што было 10 гадоў таму, калі ЗША ўвялі пэўныя санкцыі супраць Беларусі і беларускі бок вымушаны быў прыняць меры ў адказ. „Сёння мы бачым, што настаў час паступова перагледзець тыя састарэлыя догмы, якія ў свой час былі ўведзеныя і існуюць сёння ў нашых адносінах”, — заявіў Уладзімір Макей.

У 2008 годзе паміж Менскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне Злучанымі Штатамі Амерыкі санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Тады ж Беларусь па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт, а 30 з 35 супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Менску былі высланы з краіны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.

belapan.by