Макей: Мы адчуваем наступствы канфрантацыі паміж Расеяй і Украінай
Беларусь хацела б, каб „не было зроблена ніякіх далейшых крокаў, якія прывялі б да далейшага росту напружанасці ў нашым рэгіёне”. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей журналістам 29 лістапада, каментуючы інцыдэнт у Керчанскім праліве.
Стэнаграма падыходу міністра да прэсы апублікаваная на сайце МЗС.
„Тое, што адбываецца сёння ў гэтым рэгіёне — у раёне Керчанскага праліва, — пацвярджае, на наш погляд, актуальнасць і рэалістычнасць папярэджанняў, якія неаднаразова выказваў кіраўнік беларускай дзяржавы, адносна таго, што мы паступова спаўзаем да прорвы вялікага канфлікту. У апошні раз пра гэта гаварылася на сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы”, — сказаў міністр.
„Як мы ўспрымаем гэта? Вы ведаеце, мы знаходзімся зусім побач. І мы і апасродкавана, і непасрэдна адчуваем на сабе вынікі, наступствы гэтай канфрантацыі, — адзначыў Макей. — Таму мы, вядома, хацелі б, каб не было зроблена ніякіх далейшых крокаў , якія прывялі б да далейшага росту напружанасці ў нашым рэгіёне. Таму што гэта здольна паўплываць не толькі на рэгіянальную бяспеку, але і на міжнародную бяспеку ў цэлым”.
Кіраўнік МЗС перакананы, што бакі канфлікту разумеюць сваю адказнасць за сітуацыю ў рэгіёне. „Не хацелася б, каб і з боку знешніх гульцоў гучалі нейкія эмацыйныя заявы, якія ў канчатковым выніку прывядуць толькі да далейшага росту напружанасці”, — дадаў ён.
„Мы заўсёды казалі пра тое, і гэта неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік беларускай дзяржавы, што Беларусь гатова зрабіць свой унёсак, калі гэта будзе прымальна адпаведным палітычным гульцам, ва ўрэгуляванне сітуацыі і разрадку той напружанасці, якая, на жаль, сёння прысутнічае ў нашым рэгіёне”, — падкрэсліў міністр.
Паводле яго слоў, прамых кантактаў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтамі Расеі ці Украіны пасля інцыдэнту не было, як і абмеркавання сітуацыі па лініі МЗС: „Мы адсочвалі заявы, якія былі зробленыя і адным, і іншым бокам, але прамых кантактаў не было. Вядома, нам важна было б атрымаць і ад аднаго, і ад іншага боку аб’ектыўную інфармацыю для таго, каб мець свой рэальны аналіз сітуацыі, звязанай з гэтым інцыдэнтам”.
Макей паведаміў, што пасольству Беларусі ва Украіне дадзеныя ўказанні адносна ўдакладнення ўсіх наступстваў, звязаных з увядзеннем ваеннага становішча ва Украіне. „Вядома ж, мы будзем выпрацоўваць адпаведныя рэкамендацыі для нашых грамадзян зыходзячы з аналізу ўсёй атрыманай інфармацыі. Што датычыцца нашых гандлёва-эканамічных, гуманітарных кантактаў і сувязяў, мы спадзяемся на тое, што ніякіх негатыўных наступстваў у гэтым плане дадзенае рашэнне не прынясе”, — сказаў міністр.
26 лістапада ў дзесяці рэгіёнах Украіны на 30 дзён ўведзенае ваеннае становішча. Прычынай стаў узброены захоп трох украінскіх караблёў расейскімі памежнікамі ў раёне Керчанскага праліва 25 лістапада.