Макей: Мы забылі, што такое дыялог



Свету не хапае ўзаемапаважлівага дыялогу, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы 26 верасня на агульнай дыскусіі 75-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Выступленне прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі.

„Мы забыліся, што такое дыялог, а калі і памятаем, то развучыліся ім карыстацца, — сказаў Макей. — Павінен заўважыць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў Беларусь актыўна заклікае аднавіць шырокі дыялог па міжнароднай бяспецы, накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Дыялог, які дапамог бы вярнуцца на рэйкі пабудовы справядлівага і эфектыўнага глабальнага парадку на прынцыпах шматбаковасці”.

Зыходзячы з гэтага, адзначыў ён, Беларусь у рамках ААН вылучае і падтрымлівае прагматычныя ініцыятывы, накіраваныя на максімальную рэалізацыю патэнцыялу арганізацыі ў сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі.

„Сёлета мы зноў будзем ініцыяваць у Генасамблеі ААН і яе першым камітэце ў шырокім суаўтарстве з дзяржавамі-аднадумцамі рэзалюцыю аб забароне новых відаў зброі масавага знішчэння, якая традыцыйна карыстаецца ўніверсальнай падтрымкай практычна ўсіх краін — членаў арганізацыі. Запрашаем усе дзяржавы да суаўтарства рэзалюцыі і яе падтрымкі”, — сказаў Макей.

Ён таксама адзначыў, што захаванне памяці аб трагічным уроку Другой сусветнай вайны „павінна заставацца ключавым кампанентам „калектыўнага імунітэту” да ўзнікнення новых глабальных і рэгіянальных супрацьстаянняў”.

„Як абвяшчае Статут ААН, наша арганізацыя была створаная менавіта для таго, каб „пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны”, — сказаў Макей. — Толькі супрацоўніцтва, заснаванае на прынцыпах Статута ААН, з’яўляецца адзінай альтэрнатывай „натуральнага адбору” і „выжывання мацнейшага”. Улічваючы сучасныя тэхналогіі і інфармацыйныя магчымасці, якія сёння даступныя не толькі дзяржавам, але і недзяржаўным суб’ектам, мы павінны цалкам усведамляць тыя рызыкі, да якіх прыводзяць палітычнае, эканамічнае і ваеннае супрацьстаянне, безадказнае саперніцтва, „цкаванне” непажаданых краін”.

belapan.by