Макей: Мы зыходзім з таго, чый Крым сёння дэ-факта



„У палітыцы трэба зыходзіць з рэалій. Мы павінны зыходзіць з таго, чый сёння дэ-факта Крым, і выбудоўваць сваю палітыку і ўзаемадзеянне з ім”, — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 8 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Маскве, адказваючы на пытанне аб пазіцыі Беларусі па Крыме. Трансляцыя вялася ў прэс-цэнтры „Спадарожнік-Беларусь”.

Макей адзначыў, што ў Беларусі з Крымам „і ў ранейшыя часы, і цяпер гандлёва-эканамічныя адносіны развіваліся не вельмі”. „З-за, можа быць, лагістыкі, іншых нейкіх аспектаў, — сказаў ён. — Турысты з задавальненнем наведвалі і будуць наведваць гэты куток, таму што там сапраўды прырода цудоўная. Калі будуць там умовы для правядзення адпачынку, то, думаю, гэта тэндэнцыя захаваецца”.

Дыпламат падкрэсліў, што МЗС папярэджвае беларускіх грамадзян аб магчымых наступствах адпачынку ў Крыме цяпер (згодна з украінскім заканадаўствам уезд у Крым праз Расею лічыцца правапарушэннем). „Але гэта іх права, іх выбар”, — сказаў Макей.

Ён таксама адзначыў, што Крым не з’яўляецца дзяржавай, якую трэба прызнаваць, і што ніхто не патрабаваў ад Беларусі прызнання Крыма ў складзе Расеі. „Але мы зыходзім з таго, чый Крым сёння дэ-факта, — заявіў Макей. — Мы лічым, што цяпер галоўная задача заключаецца ў тым, каб захаваць тэрытарыяльна цэласнай і непарушнай астатнюю частку Украіны”.

belapan.by