Макей: МЗС вывучае сітуацыю са знікненнем украінца Паўла Грыба
Міністэрства замежных спраў Беларусі займаецца вывучэннем сітуацыі з затрыманнем зніклага ў Гомелі ўкраінца Паўла Грыба, заявіў журналістам у Менску 8 верасня міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
„Думаю, пасля атрымання адказаў на запыты ад усіх ведамстваў мы будзем думаць, якія рабіць далейшыя дзеянні”, — сказаў ён.
Аб знікненні 19-гадовага Паўла Грыба заявіў 28 жніўня яго бацька, член грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб. Паводле яго інфармацыі, 24 жнiўня Павел адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся і кантактаваў толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.
Павел Грыб планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку па арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з’яўляецца ФСБ Расеі па Краснадарскім краі (горад Сочы). Некаторыя СМІ паведамлялі, што Паўла Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары ў мясцовым аддзяленні ФСБ. Пазней кіраўнік Савета бяспекі Украіны Васіль Грыцак таксама выказаў меркаванне, што малады чалавек, хутчэй за ўсё, „знаходзіцца ў руках ФСБ у Расейскай Федэрацыі”.
30 жніўня намеснік міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль абвінаваціла беларускі бок у тым, што ён не супрацоўнічае належным чынам у сітуацыі са зніклым украінцам. Паводле слоў Зеркаль, Беларусь на словах паводзіць сябе як партнёр, а на самай справе дзейнічае зусім інакш. На наступны дзень у МЗС Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланнік пасольства Украіны Валерый Джыгун. Яму давялі пра „непрымальнасць выказванняў і бесперспектыўнасць пагроз”, што прагучалі з вуснаў Алены Зеркаль. 7 верасня афіцыйны прадстаўнік дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч паведаміў, што зніклы ў Беларусі Павел Грыб знаходзіцца ў Расеі, у Краснадарскім СІЗА.
МЗС Украіны заявіў „рашучы пратэст” расейскаму боку ў сувязі з беспадстаўным затрыманнем украінскага грамадзяніна.