Макей назваў „абсалютна пустой і бессэнсоўнай задумай” Венскую канферэнцыю
„Абсалютна пустой і бессэнсоўнай задумай” назваў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей міжнародную канферэнцыю па сітуацыі ў краіне, ініцыяваную ўладамі Аўстрыі. Мерапрыемства запланаванае 22 лістапада ў Вене.
„Так, мы ведаем пра гэтую ініцыятыву. Ёй зараз у розных СМІ, на розных пляцоўках спрабуюць надаць нейкі флёр значнасці, важнасці, сцвярджаючы, што яна, маўляў, дапаможа вырашыць сітуацыю, якая склалася вакол Беларусі”, — зазначыў Макей на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў Расеі і Беларусі 10 лістапада ў Маскве (стэнаграма апублікаваная на mfa.gov.by).
„З ініцыятывы прадстаўнікоў аўстрыйскага боку і асабіста спадара Шаленберга (Аляксандар Шаленберг, канцлер Аўстрыі) мы абмяркоўвалі гэтае пытанне, у тым ліку і асабіста са спадаром Шаленбергам. Яны настойліва ўпрошвалі прадстаўнікоў беларускіх уладаў узяць удзел у гэтай канферэнцыі. З улікам таго, што было выкладзенае нам, я бачу, што гэта абсалютна пустая і бессэнсоўная задума”, — заявіў Макей.
„Гаворка ідзе пра нейкае аднаўленне, рэканструкцыю Беларусі, як быццам Беларусь — гэта краіна, якая ляжыць у руінах, дзе эканоміка цалкам разбураная і гэтак далей і да таго падобнае”, — выказаў здзіўленне чыноўнік.
На яго думку, сітуацыя выглядае зусім інакш. „Нягледзячы на санкцыі, эканоміка развіваецца, валавы ўнутраны прадукт расце. Перакананы, што, нягледзячы на будучыя санкцыі, мы забяспечым нармальнае развіццё дзяржавы і грамадства. Таму канферэнцыя ў тым выглядзе, як яе задумалі арганізатары — я так разумею, яна арганізуецца з ініцыятывы кіраўніцтва Аўстрыі, — з’яўляецца абсалютна бясплённай і бессэнсоўнай задумай”, — паўтарыў Макей.
„Больш за тое, — працягнуў ён, — мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у адносінах да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асоб беларускага боку ў ёй удзелу браць не будзе. Няхай для галачкі яны правядуць гэтае мерапрыемства, абмяркоўваючы не першы раз з вядомымі збеглымі апанентамі ўлады, скажам, перспектывы змены ўлады ў Беларусі, не маючы на тое ні найменшых сіл, ні здольнасцяў”.
Анансуючы ў кастрычніку канферэнцыю па Беларусі, Аляксандар Шаленберг назваў „цынічнай” палітыку Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да мігрантаў. „Асобы, адказныя за выкарыстанне мігрантаў супраць Еўрапейскага звязу, павінны зведаць санкцыі. Падтрымліваю гэта”, — сказаў ён. У той жа час, працягнуў канцлер, у дачыненні да Беларусі трэба выкарыстоўваць не толькі мову санкцый. „Мы павінны падтрымліваць мінімальны дыялог, у прыватнасці з грамадзянскай супольнасцю. Аўстрыя прыкладае для гэтага асаблівыя намаганні”, — заявіў Шаленберг. Паводле яго слоў, канферэнцыя арганізуецца менавіта з гэтай мэтай. „Мы павінны дакладна сказаць сабе: гэта — еўрапейская тэма. І ўнутры Еўропы мы павінны не толькі размаўляць мовай санкцый”, — паўтарыў кіраўнік аўстрыйскага ўрада.