Макей назваў супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА плённым
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў плённым супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА з моманту ўступлення нашай краіны ў арганізацыю. Аб гэтым ён заявіў на пашыраным пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, прысвечаным 65-годдзю ўдзелу Беларусі ў арганізацыі.
„Мы з задавальненнем адзначаем 65 гадоў плённага супрацоўніцтва ў імя высакародных мэт і канстатуем, што з моманту ўступлення ў ЮНЕСКА наша краіна застаецца адданай ідэалам арганізацыі”, – сказаў Уладзімір Макей, які з’яўляецца старшынёй Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.
Міністр звярнуў увагу, што ў 2017 годзе Беларусь пяты раз была выбрана ў кіруючы орган ЮНЕСКА – Выканаўчы савет.
„Мы падтрымліваем ініцыятывы ЮНЕСКА, накіраваныя на развіццё супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі камісіямі па справах ЮНЕСКА, і ўпэўнены, што такі падыход дае магчымасць развіваць і паглыбляць дружалюбныя адносіны паміж краінамі”, – заявіў Уладзімір Макей. Ён падкрэсліў, што ў сваёй дзейнасці Нацыянальная камісія Беларусі па справах ЮНЕСКА ўдзяляе значную ўвагу ўмацаванню сувязей з нацыянальнымі камісіямі па справах ЮНЕСКА іншых краін. Асабліва дынамічна развіваюцца кантакты і сумесныя праекты з нацыянальнымі камісіямі Расеі, Польшчы, Літвы і іншых краін.