Макей не бачыць пагрозы ў пераводзе беларускіх авіярэйсаў у статус міжнародных у аэрапортах Расеі



Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам пасля свайго выступу на чарговай канферэнцыі ў межах ініцыятывы «Менскі дыялог».

– Што тычыцца ўвядзення прынцыпу, калі нашы грамадзяне будуць праходзіць праз міжнародныя пункты пропуску ў аэрапортах Масквы і іншых аэрапортах Расейскай Федэрацыі, то я не бачу тут трагедыі. Галоўнае, каб нашы грамадзяне мелі роўныя правы з расейскімі грамадзянамі, бо пра гэта ёсць пэўныя дамоўленасці ў межах Саюзнай дзяржавы. Пакуль мы не бачым ніякіх пагроз. Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя.

У кіраўніка знешнепалітычнага ведамства спыталіся пра страхі датычна таго, што расейскія вайскоўцы могуць застацца ў Беларусі пасля вучэнняў «Захад-2017». Як Макей ацэньвае такія меркаванні? Адказваючы на пытанне наконт магчымай пагрозы вайсковых вучэнняў «Захад-2017» беларускай незалежнасці, Макей параіў слухаць і чытаць Аляксандра Лукашэнку, які сказаў, што «суверэнітэт і незалежнасць для нас — гэта святое». «На гэтым кропка», – дадаў міністр.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота news.tut.by