Макей не пацвярджае зніжэння кошту шэнгенскіх віз з новага году
Макей не пацвярджае зніжэння кошту шэнгенскіх віз для беларусаў да 35 еўра з новага году
Нагадаем, пра тое, што з 1 студзеня 2018 года кошт шэнгена можа знізіцца з 60-і да 35 еўра, нядаўна заявіў выданню «Беларусь сегодня» начальнік Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у гутарцы з журналістамі быў больш асцярожны.
— Я не магу вам сказаць пра зніжэнне кошту шэнгенскіх віз з новага года. Гэта вы звярніцеся да тых калег, які робяць падобныя заявы. Я хачу сказаць, што перамоўны працэс працягваецца, мы спакойна працуем над адпаведным пагадненнем з Еўразвязам пра спрашчэнне візавага рэжыму і пра рэадмісію. Спатрэбіцца некаторы час на вырашэнне тэхнічных пытанняў, якія цяпер прысутнічаюць у нашым парадку дня.
Наступны раунд перамоваў наконт спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам запланаваны на 20 чэрвеня.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя