Макей не ведае, дзе былы пасол Украіны



МЗС Беларусі не ведае, дзе знаходзіцца былы міністр абароны Украіны і былы пасол гэтай краіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль, у дачыненні да якога Генеральная пракуратура Украіны вядзе завочнае расследаванне. Пра гэта заявіў 26 жніўня журналістам у Кіеве міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе ўкраінскае агенцтва УНН.

„Я зусім не ведаю, які ў яго статус у Беларусі. Таму што я ведаю, што ён спыніў сваю дзейнасць у якасці пасла Украіны ў Беларусі. Я не ведаю, дзе ён знаходзіцца”, — сказаў Макей. Пытанне аб выдачы ці нявыдачы ляжыць у кампетэнцыі адпаведных праваахоўных органаў, а не дыпламатычнага ведамства, дадаў кіраўнік МЗС.

Нагадаем, былы пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль быў звольнены ў маі 2015 года. Ва Украіне ён абвінавачваецца ў нанясенні дзяржаве шкоды больш чым на 42 млн грыўнаў (каля 1,6 млн. долараў) у бытнасць міністрам абароны.

Паводле звестак Генпракуратуры Украіны, 9 жнiўня 2014 года Ежаль выехаў у Беларусь, пасля чаго на тэрыторыю Украіны не вяртаўся, хоць „сістэматычна выклікаецца да следчага праз Міністэрства замежных спраў Украіны для правядзення з ім следчых і іншых працэсуальных дзеянняў”. У лютым 2015 года Генпракуратура Украіны звярталася ў беларускія кампетэнтныя органы з просьбай дапамагчы ў праверцы інфармацыі аб тым, што Ежаль нібыта знаходзіцца на лячэнні ў адной з медустаноў Беларусі, аднак „у атрыманні запытанай інфармацыі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла”.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, 22 жніўня гэтага года суд дазволіў Галоўнай ваеннай пракуратуры Украіны ажыццяўленне спецыяльнага папярэдняга расследавання ў дачыненні да Ежаля. Падазраваны абвешчаны ў дзяржаўны вышук і прыняты меры па яго аб`яўленні ў міжнародны вышук. Акрамя таго, дадзены дазвол на затрыманне і дастаўку былога міністра абароны Украіны ў суд для разгляду хадайніцтва аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

belapan.by