Макей: Нельга дзяліць тэрарыстаў на ўмеркаваных і няўмеркаваных
Беларусь падтрымлівае дзеянні Расеі ў Сірыі і называе іх адпаведнымі міжнароднаму праву. Пра гэта заявіў беларускі міністр замежных справаў Уладзімір Макей па выніках сумеснага паседжання МЗС Беларус і Расеі ў Маскве.
Па словах Макея, “расейскія сябры вельмі аператыўна праінфармавалі” беларускі бок пра тое, што па просьбе прэзідэнта Сірыі Расея нанясе ўдары па пазіцыях тэрарыстаў у Сірыі. Пры гэтым афіцыйны Менск здзіўляецца, што Расею не запрасілі далучыцца да міжнароднай кааліцыі па барацьбе з Ісламскай дзяржавай. Макей адзначыў, што тэрарызм уяўляе небяспеку для ўсяго чалавецтва і “нельга дзяліць тэрарыстаў на ўмеркаваных і няўмеркаваных”, піша Еўрарадыё.
Ваенную аперацыю ў Сірыі Расея пачала 30 верасня. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што авіяўдары наносяцца па просьбе афіцыйнага Дамаска.
