Макей: Ні адна краіна не ў стане самастойна справіцца з глабальнымі выклікамі
„Мы жывем у парадаксальны час, калі аптымізм і песімізм у роўнай ступені з’яўляюцца неад’емнымі складнікамі нашага жыцця”, — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 1 кастрычніка падчас выступу на 73-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Тэкст выступлення апублікаваны на сайце МЗС Беларусі.
Ён адзначыў, што нядаўна былі прынятыя такія важныя дакументы, як Парадак ААН — 2030 у галіне ўстойлівага развіцця і Парыжскае пагадненне па клімаце.
„У канцы гэтага года міжнародная супольнасць павінна даць „зялёнае святло” яшчэ двум дакументам, на якія ўскладаюцца асаблівыя надзеі на змены да лепшага — глабальным пагадненням па бежанцах і па мігрантах, — сказаў Макей. — Рэалізацыя ўсіх гэтых знакавых ініцыятыў закліканая самым сур’ёзным чынам трансфармаваць жыццё ўсіх краін і народаў, забяспечыць справядлівую глабалізацыю, у якой бы не было тых, хто прайграў, выкараніць галечу, захаваць планету для будучых пакаленняў”.
Паводле слоў Макея, ні адна краіна не ў стане самастойна справіцца з глабальнымі выклікамі. „Не можа быць індывідуальнага прагрэсу без прагрэсу калектыўнага, — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. — Менавіта таму, якая б справядлівая крытыка ні гучала ў адрас ААН, Арганізацыя па-ранейшаму патрэбная нам як унікальная платформа для супрацоўніцтва, дзейсны шматбаковы механізм, заснаваны на прынцыпах, што гарантуюць роўнае і паважлівае стаўленне да любой краіны, яе прыярытэтаў і патрэб”.
Макей адзначыў, што, каб паспрыяць дзяржавам у вырашэнні амбіцыйных задач Парадку-2030, неабходныя эфектыўныя „каманды ААН” на месцах, якія змогуць вынікова і рацыянальна падтрымліваць урады на шляху да ўстойлівага развіцця.
„Менавіта ў гэтым мы бачым сутнасць рэфармавання сістэмы развіцця ААН”, — заявіў Макей.
belapan.by