Макей: Ніякіх пагроз наша збліжэнне з Еўропай для Расеі не нясе



Збліжэнне Беларусі з Еўрасзвязам не нясе ніякіх пагроз для Расеі, заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы з нямецкім калегам Зігмарам Габрыэлем 17 лістапада ў Менску.

„Дзіўна слухаць такую пастаноўку пытання — якія могуць быць рызыкі? — сказаў ён. — Мы закраналі тэму нашых адносін з Расіяй і Еўрасаюзам падчас нашых перамоў. Германія ніколі не ставіла адносна Беларусі такое пытанне: вы з Усходам ці з Захадам? А мы ніколі не казалі, што збіраемся развіваць нашы адносіны з Еўропай за кошт Расеі ці наадварот”.

Макей падкрэсліў, што Беларусь хоча мець нармальныя адносіны з усімі сваімі суседзямі.

„Расея — наш стратэгічны саюзнік, мы цесна звязаныя палітычнымі, эканамічнымі, ваеннымі, чалавечымі сувязямі, — сказаў ён. — У нас ніколі не было мэты разарваць сувязі з Расеяй, але мы не можам пакідаць без увагі іншы рэгіён. ЕЗ — наш другі па значнасці партнёр. Мы абавязаныя мець нармальныя адносіны з Еўропай”.

Паводле слоў Макея, усе партнёры Беларусі разумеюць, што ў сучаснай сітуацыі „павінны ўзаемадзейнічаць ўсе разам”.

Кіраўнік МЗС таксама адзначыў, што збліжэнне еўрапейскіх і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў прывядзе ў цэлым да зніжэння канфрантацыі ў рэгіёне. БелаПАН