Макей: Падпісанне візавага пагаднення з Еўразвязам тармозіцца адной краінай
Беларусь гатова падпісаць прыярытэты партнёрства і пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі з ЕС хоць заўтра. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 5 сакавіка па выніках нарады ў прэзідэнта па пытанні ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацоўніцтва з еўрапейскімі арганізацыямі. Каментар Макея журналістам быў паказаны ў эфіры навін тэлеканала ОНТ.
„Гэтыя дакументы, з нашага пункту гледжання, можна было б падпісаць хоць заўтра, — сказаў Макей. — Але, на жаль, так атрымліваецца, што з-за пазіцыі асобных краін, дакладней сказаць, ужо адной краіны, Еўразвяз становіцца заложнікам палітыкі гэтай краіны. Таму што адна краіна пераносіць нейкія праблемныя нюансы ў двухбаковых адносінах на ўсю палітыку Еўразвяза”.
Паводле слоў Макея, Беларусь бачыць магчымасць хуткага завяршэння працы над гэтымі дакументамі. „Але нашы партнёры таксама павінны трошкі паварушыцца ў гэтым плане і праявіць гатоўнасць да падпісання гэтых дакументаў”, — сказаў кіраўнік МЗС.
Беларусь і ЕЗ ужо некалькі гадоў вядуць перамовы аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. 26 студзеня кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын сказала журналістам, што бакі працягваюць працу. „У мяне таксама ёсць аптымізм наконт пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, у найбліжэйшы час яно будзе падпісана”, — адзначыла яна.
belapan.by