Макей патэлефанаваў Лаўрову, каб абмеркаваць двухбаковыя адносіны
„З ініцыятывы беларускага боку” 22 студзеня адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, паведаміла прэс-служба расейскага знешнепалітычнага ведамства.
„Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні расейска-беларускага супрацоўніцтва, узаемадзеяння знешнепалітычных ведамстваў і далейшага развіцця саюзніцкіх адносін Расеі і Беларусі”, — адзначаецца ў рэлізе. Падрабязнасці не прыводзяцца.
МЗС Беларусі пра размову пакуль нічога не паведамляе.
Лаўроў захаваў сваю пасаду ў новым урадзе РФ, які пасля адстаўкі Дзмітрыя Мядзведзева ўзначаліў кіраўнік Федэральнай падатковай службы Міхаіл Мішусцін.
Перамовы Макея і Лаўрова адбыліся на фоне абвастрэння адносін Менска і Масквы ў сувязі з рознагалоссямі па коштах на расійскія нафту і газ.
