Макей пра адносіны з ЗША: Ёсць разуменне, што трэба рухацца далей



У Беларусі і ЗША ёсць разуменне, што адносіны неабходна развіваць, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 31 кастрычніка, каментуючы на просьбу БелаПАН вынікі сваёй сустрэчы з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Уэсам Мітчэлам.

„Мы абмяркоўвалі ўвесь спектр пытанняў, — сказаў Макей. — Ёсць разуменне таго, што трэба рухацца далей, імкнучыся пашырыць тую пазітыўную атмасферу, якая існуе на гэты момант у нашых адносінах”.

Паводле слоў міністра, на сустрэчы абмяркоўвалася і пытанне вяртання паслоў. „З гэтым звязаныя шэраг момантаў — лагістычных, арганізацыйных. Мы дамовіліся, што будзем працягваць разам працаваць над гэтым пытаннем”, — адзначыў кіраўнік МЗС.

На пытанне, ці магчымае вяртанне паслоў у наступным годзе, Макей сказаў: „Аб тэрмінах дыпламаты заўсёды імкнуцца вельмі акуратна казаць, таму давайце пачнем дыялог, будзем размаўляць, а далей тэрміны вымалююцца самі сабой”.