Макей пра перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ



У перамовах пра спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам у бакоў „няма ніякіх прынцыповых, радыкальных рознагалоссяў”, заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 22 чэрвеня пасля сустрэчы са сваім славацкім калегам Міраславам Лайчакам.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць вынікі чарговага раунда кансультацый па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, які прайшоў 20 чэрвеня ў Менску, Макей адказаў: „Па такіх пытаннях мы стараемся даваць вельмі асцярожныя каментары, таму што часам можна і нашкодзіць занадта паспешнымі заявамі”.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, ёсць некаторыя тэхнічныя моманты, якія бакі яшчэ павінны ўрэгуляваць. „Яны знаходзяцца на стадыі перамоваў. Падчас перамоваў мы зблізім нашы пазіцыі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб дасягнуць пагаднення па гэтых усіх пазначаных тэмах. І я бачу зацікаўленасць і з боку нашых еўрапейскіх партнёраў”, — сказаў Макей.

Раней начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў, што ў часе перамоваў бакі ў цэлым ўзгаднілі праект пагаднення аб рэадмісіі. „Падчас перамоваў у цэлым узгоднены тэкст пагаднення. У ім захаванае палажэнне аб пераходным перыядзе, на працягу якога Беларусь не будзе прымаць грамадзян трэціх дзяржаў або асоб без грамадзянства, якія падлягаюць рэадмісіі. Гэты час неабходны для наладжвання механізмаў працы з такой катэгорыяй асоб, а таксама стварэння ў рэспубліцы адпаведнай інфраструктуры”, — сказаў Бягун.

Гаворка ідзе пра арганізацыю цэнтраў часовага ўтрымання незаконных мігрантаў, запланаваную па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 2017—2022 гады. Для гэтых мэтаў ЕЗ выдзяляе Беларусі 7 млн еўра. Фінансаванне ажыццяўляецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення паміж МУС Беларусі, Еўракамісіяй і прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі.

Тэрмін пераходнага перыяду пакуль не называюць. Ёсць інфармацыя, што ён будзе меншы за тры гады, якія даваліся, напрыклад, Расеі і Украіне.

Пагадненне аб рэадмісіі павінна быць падпісанае ў пакеце з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, прычым асноўныя перамовы з ЕЗ датычаць менавіта рэадмісіі.

Прадстаўнікі ЕЗ вынікі перамоваў у Менску не каментуюць.