Макей пракаментаваў сітуацыю з прызначанай амбасадаркай ЗША
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас візіту ў Швейцарыю пракаментаваў тэлеканалу АНТ заяву прызначанай амбасадаркі ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр пра тое, што яна не прыбыла ў Менск з-за адсутнасці візы.
– У нас выклікае пэўнае здзіўленне, што спадарыня прызначаны амбасадар, некалькі разоў наведваючы Вільню, Варшаву і яшчэ нейкія краіны, робіць пэўныя заявы, у той жа час нашы партнёры не даюць да канца выразнага адказу адносна таго, у якім статусе спадарыня пасол мае намер прыбыць у Беларусь. Кажуць толькі пра жаданне ўсталяваць прамыя кантакты на афіцыйным роўні, – сказаў Макей.
Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўлена ў аднаўленні прамых кантактаў:
– Мы гатовыя прыняць амерыканскага амбасадара ў любы час, але хочам мець выразную і зразумелую перспектыву нашага далейшага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках з нашымі амерыканскімі партнёрамі. Падзеі апошніх дзён прымушаюць паўторна прааналізаваць і стан нашых адносінаў з гэтай найбуйнейшай дзяржавай свету і паглядзець, што і хто стаіць за спробай арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, як пра гэта было сказана па лініі спецслужбаў, – дадаў Макей.
Ён адзначыў, што МЗС адпаведным чынам адрэагуе на сітуацыю.
19 красавіка Джулі Фішэр на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай ў Вільні заявіла, што ЗША аднаўляюць санкцыі супраць „Белнафтахіму” і яшчэ 8 беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.
Беларускае Радыё Рацыя