Макей правёў перамовы з памочнікам дзяржсакратара ЗША Куперам
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 14—16 лютага знаходзіцца з рабочым візітам у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія для ўдзелу ў 56-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, у першы дзень візіту кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прыняў удзел у сесіі адкрыцця канферэнцыі, на якой выступіў федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, а таксама ў шэрагу панэльных дыскусій, у прыватнасці па тэматыцы ўмацавання мульцілатэралізму і ролі Захаду ў сучаснай сістэме міжнародных адносін.
На палях канферэнцыі Макей правёў перамовы з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па ваенна-палітычных справах Кларкам Куперам, падчас якіх быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, а таксама развіццё беларуска-амерыканскага дыялогу.
У фокусе сустрэчы кіраўніка МЗС Беларусі з еўрапейскім камісарам па бюджэце Ёханесам Ханам знаходзіўся актуальны парадак дня супрацоўніцтва Беларусі і Еўрапейскага саюза, уключаючы пытанні ўзаемадзеяння па лініі Усходняга партнёрства.
З генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Уладзімірам Норавым Макей абмеркаваў магчымасці актывізаваць удзел Беларусі ў дзейнасці гэтай арганізацыі, а таксама пытанні развіцця супрацоўніцтва з яе краінамі-членамі.
Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы — штогадовая канферэнцыя, якая праводзіцца з 1962 года. У ёй прымаюць удзел кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, кіраўнікі ваенных ведамстваў, кіраўніцтва НАТА і АБСЕ, эксперты па пытаннях бяспекі, журналісты.
Фота twitter.com/BelarusMID