Макей правёў шэраг рабочых сустрэч у Гамбургу



Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў шэраг рабочых сустрэч у Гамбургу, дзе 8 снежня пачалося пасяджэнне Савета кіраўнікоў МЗС краін АБСЕ.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, Макей сустрэўся з міністрам па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі Себасцьянам Курцам, міністрам замежных спраў Венгрыі Петэрам Сіярта, міністрам замежных спраў Манголіі Цэндам Мунх-Аргілам, намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Робертам Бершчынскі. Адбыўся абмен думкамі па шырокім коле пытанняў двухбаковага парадку дня і ўзаемадзеяння па лініі міжнародных арганізацый.

Падчас сустрэч Макея са старшынёй Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ Крысцін Мутанен і намеснікам старшыні ПА АБСЕ Кентам Харстэдам разгледжаная тэматыка развіцця супрацоўніцтва Беларусі з асамблеяй, уключаючы пытанні правядзення ў Мінску ў ліпені 2017 года штогадовай сесіі ПА АБСЕ.

Пасяджэнне СМЗС АБСЕ працягнецца 9 снежня і завершыцца прыняццем шэрагу выніковых дакументаў.