Макей прызнаў, што выбары ў Беларусі прайшлі не ідэальна
Выбары ў Беларусі, магчыма прайшлі не ідэальна, але народ зрабіў свой выбар, заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, каментуючы выступ кіраўніка знешнепалітычнай службы Еўразвязу Жазэпа Барэля на сесіі Еўрапарламенту агенцтву «РИА Новости».
Паводле Уладзіміра Макея, «татальна засмучае поўнае нежаданне з боку Еўразвязу нават паспрабаваць аб’ектыўна разабрацца ў працэсах, якія адбываюцца».
Ён назваў ацэнкі Жазэпа Барэля «катэгарычнымі і тэндэнцыйнымі», пазіцыю Еўразвязу аб тым, што паўторнае правядзенне выбараў – найлепшае рашэнне.
«Найлепшае рашэнне для каго? Для Еўразвязу, у якога не атрымалася выйграць на праведзеных у Беларусі выбарах? А вы ўпэўненыя, што гэта было б найлепшым рашэннем?» – сказаў Макей.
«У нас прайшлі выбары, хай па некаторых высокіх канонах і не ідэальна, аднак народ сваёй большасцю, гэта сёння складана паставіць пад сумнеў, вызначыў іх пераможцу. Хацелася б зразумець, на якой падставе прадстаўнікі Еўразвязу ставяць сябе ўпоравень з беларускім народам і лічаць, што маюць права аднаасобна выносіць вердыкты аб прымальнасці для беларусаў вынікаў выбараў», – заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі.
Што тычыцца візіту Дзейнага старшынства АБСЭ ў Беларусь, Макей заявіў, што яго здзіўляе, што прадстаўнікі АБСЭ «так ірвуцца прыехаць у Беларусь ледзь не на наступны дзень, аднак пры гэтым, калі было сапраўды трэба, не паспелі за тры тыдні накіраваць місію БДІПЧ па назіранні за выбарамі».
Паводле міністра, Беларусь з павагай ставіцца да АБСЭ, але пакуль не бачыць «даданай вартасці» у візіце і «пасрэдніцкіх паслугах» АБСЭ для наладжвання ўнутрыпалітычнага дыялогу ў Беларусі. «Паверце, беларусы самі справяцца з гэтай задачай», – дадаў ён.
Кіраўнік знешнепалітычнай службы Еўразвязу Жазэп Барэль, выступаючы на сесіі Еўрапарламента 15 верасня, заявіў, што Еўразвяз лічыць выбары ў Беларусі сфальсіфікаванымі, і таму лічыць Лукашэнку нелегітымным прэзідэнтам Беларусі.
svaboda.org