Макей расказаў кіраўніку МЗС Латвіі пра сітуацыю з выбарамі



26 чэрвеня з ініцыятывы латвійскага боку адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарсам Рынкевічсам.

Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі праблематыку процідзеяння каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі і Латвіі і меры па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў пераадоленні наступстваў пандэміі.

Паводле просьбы латышскага боку Макей пракаментаваў наяўную сітуацыю, звязаную з правядзеннем прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Міністры замежных спраў абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеяння Беларусі і ЕЗ, уключаючы ініцыятыву „Усходняе партнёрства”. Бакі дамовіліся аб падтрыманні аператыўных кантактаў.

На пачатак красавіка планаваўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію, але быў адкладзены з-за пандэміі каронавіруса. Новыя даты будуць узгодненыя па дыпламатычных каналах.

Прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 9 жніўня.

belapan.by