Макей: Размяшчэнне ваеннай базы ў Беларусі не будзе спрыяць стабільнасці і бяспецы
„Размяшчэнне нейкага дадатковага замежнага аб’екта на тэрыторыі Беларусі не будзе спрыяць большай стабільнасці і бяспецы ў нашым рэгіёне”, – заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрвʼю радыёкампаніі „Голас Амерыкі” падчас рабочага візіту ў Нью-Ёрк (стэнаграма апублікавана на сайце МЗС), каментуючы выказванні з гэтай нагоды свайго расейскага калегі Сяргея Лаўрова.
Нагадаем, Лаўроў у інтэрвʼю газеце „КоммерсантЪ”, кажучы аб сумеснай знешняй і абароннай палітыцы ў рамках Саюзнай дзяржавы, назваў „непрыемным эпізодам” адмову Беларусі размяшчаць расейскую ваенную базу. „Гэта сапраўды непрыемны эпізод. Але галоўнае не форма, а змест. А па змесце прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, у тым ліку адказваючы на пытанне пра базу, што Беларусь – саюзнік Расеі на ўсе 100% і што беларускія Узброеныя сілы трэба разглядаць як абаронцаў нашых агульных інтарэсаў і нашай агульнай тэрыторыі”, – адзначыў Лаўроў.
„Нават калі ўявіць, што мы размясцілі гэты абʼект на тэрыторыі Беларусі, скажыце, то хіба гэта будзе ў нейкай меры спрыяць міру і бяспецы? Зусім не, – заявіў Макей „Голасу Амерыкі”. – Больш за тое, калі ўзяць узровень развіцця сучасных тэхналогій, то можна сказаць, што размяшчэнне нейкага дадатковага абʼекта ў Беларусі нічога не дасць, таму што сёння ад Смаленска ці ад якіхсьці заходніх тэрыторый Расеі ракета можа даляцець у лічаныя секунды да любога месца ў Еўропе і нават у лічаныя хвіліны на іншы бок акіяна”.
„Таму няма сэнсу ў размяшчэнні нейкіх дадатковых ваенных абʼектаў на тэрыторыі Беларусі, – падкрэсліў ён. – Прэзідэнт Беларусі шмат разоў выказваўся на гэты конт”.
„Вядома ж, нас у пэўнай меры насцярожваюць захады, якія робяцца цяпер нашымі заходнімі суседзямі, членамі НАТА, па нарошчванні замежнай ваеннай прысутнасці на сваёй тэрыторыі. Мы, вядома ж, будзем адсочваць усе канкрэтныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтым рашэннем, і будзем думаць, як адэкватна на іх рэагаваць”, – дадаў Макей.
1 сакавіка гэтага года падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам» Аляксандр Лукашэнка расказаў, чаму Беларусь не стала прытрымлівацца прыкладу Расеі і прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ён паведаміў аб папярэджанні былога генеральнага сакратара НАТА Хаўера Саланы, які сказаў яму, што ў выпадку прызнання гэтых рэспублік Менск чакаюць санкцыі: адключэнне банкаўскай сістэмы і поўная ізаляцыя.
Тады ж Лукашэнка заявіў, што Беларусь не можа прызнаць Крым расейскім, таму што кіраўнік беларускай дзяржавы зʼяўляецца адным з падпісантаў у 1995 годзе Будапешцкага мемарандума, які пацвярджае ў тым ліку забеспячэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Ён дадаў, што Расеі „можа спатрэбіцца ў гэтым канфлікце такая пазіцыя Беларусі”.