Макей: Санкцыі ніколі не прыводзілі да пазітыўных зменаў
Беларусь знойдзе „адэкватны адказ” санкцыям, якія будуць прынятыя Еўразвязам, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі 10 снежня пасля пасяджэння Савета кіраўнікоў МЗС СНД. Тэкст стэнаграмы перадала БелаПАН прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Каментуючы сустрэчу з пасламі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Швейцарыі, якая адбылася 9 снежня, Макей адзначыў, што яна адбылася па просьбе дыпламатаў.
„Гэта, у прынцыпе, нармальная практыка, калі дыпламаты сустракаюцца, абмяркоўваюць актуальныя пытанні ўзаемадзеяння, абменьваюцца меркаваннямі і выпрацоўваюць прапановы па вырашэнні нейкіх праблемных пытанняў, абмяркоўваюць перспектывы адпаведнага супрацоўніцтва, — заявіў міністр. — Павінен шчыра сказаць, што ўчора было абмеркавана нашмат больш пытанняў, чым адзначана ў заяве ці паведамленні прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску. Больш за тое, на мой погляд, абмеркаванне праходзіла ў зусім іншай танальнасці, чым пра гэта сказана ў гэтым паведамленні”.
Паводле слоў Макея, яго крыху здзівіў ментарскі тон гэтай заявы. „Павінен сказаць, што фальстарт або заўчаснае выкладанне зместу дыскусіі часта наносяць шкоду магчымым пазітыўным пачынанням або, у прынцыпе, могуць прывесці нават да адваротнага эфекту, — падкрэсліў ён. — Так, сапраўды прадстаўнік Еўрапейскага звязу зачытаў агітку ў выглядзе тых патрабаванняў, якія выкладзеныя ў паведамленні прадстаўніцтва. Дзіўным чынам, на наш погляд, гэтыя пункты супадаюць з элементамі праграмы радыкальных апанентаў дзейнай улады, якія эмігравалі. І ўвага паслоў Еўразвязу была звернута на гэта. Гэта таксама сведчыць, самі разумееце, аб чым. Хоць, дыпламаты, з майго пункту гледжання, павінны быць бесстароннімі, займаць адпаведную нейтральную пазіцыю па тых ці іншых пытаннях. Але, дзеля бога, няхай гэта застаецца на іх сумленні”.
Макей адзначыў, што на сустрэчы абмяркоўвалася пытанне санкцый. „Наша меркаванне: пад якой бы прыгожай абгорткай гэта ні падавалася, санкцыі ніколі не прыводзілі і не прывядуць да нейкіх пазітыўных зменаў або вырашэння тых ці іншых праблем. Мы таксама аб гэтым выразна сказалі нашым партнёрам. Мы знойдзем адэкватны адказ на тыя санкцыі, якія будуць прынятыя нашымі партнёрамі”, — сказаў кіраўнік МЗС.
„Мы звярнулі ўвагу на тое, што, вядома ж, гэтыя санкцыі прывядуць да пэўнага пагаршэння становішча звычайных людзей у Беларусі, — адзначыў ён. — Але ў любым выпадку ў сваёй найноўшай гісторыі Беларусь даказала, што справіцца і знойдзе магчымасць выхаду і з гэтай сітуацыі. Што непажадана: далейшая спроба працягу гэтага санкцыйнага мыслення адназначна прывядзе да геапалітычных зменаў у рэгіёне. Я не думаю, што гэта будзе ў інтарэсах таго ж самага Еўрапейскага звязу”.
Паводле слоў Макея, беларускі бок таксама звярнуў увагу заходніх партнёраў на тое, што „цяпер трэба спыніць абвінавачванні ў адрас адзін аднаго і засяродзіцца на пошуку тых сфер і галін, у якіх магчымае супрацоўніцтва, а іх маса”. „Гэта і трансгранічная злачыннасць, і нелегальная міграцыя, і пытанні рэгіянальнай бяспекі, і многае іншае, — адзначыў міністр. — У гэтым плане нас здзіўляюць намеры нашых партнёраў спыніць шэраг праектаў у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Заўсёды нам казалі, што гэтыя праекты накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, і мы падтрымлівалі такія пачынанні. Цяпер мы бачым, што тыя сродкі, якія выдзяляліся на рэалізацыю гэтых праектаў, а як нам было сказана, гэтыя праекты цяпер спыняюцца, перанацэльваюцца на ваяжы тых апанентаў дзейнай улады, якія цяпер курсіруюць па замежжах”.
„Дзеля бога, няхай гэта будзе на сумленні тых, хто ініцыюе такія рэчы, — дадаў ён. — Але атрымліваецца, што шэраг няўрадавых арганізацый або грамадскіх аб’яднанняў, якія актыўна працавалі з Еўрапейскім звязам, напрыклад Беларускі Чырвоны Крыж, і арганізацыі, якія рабілі сапраўды карысную справу і спрыялі развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, пра што так клапоцяцца нашы партнёры, цяпер пазбаўляюцца адпаведнага фінансавання і не змогуць далей працягваць сваю працу. Гэта значыць, мы бачым, што беларуская грамадзянская супольнасць дзеліцца на розныя гатункі, як я сказаў падчас сустрэчы, на белых і чорных. Лічым, што гэта не вельмі правільны падыход”.
На сустрэчы была закранутая тэма маштабнай дапамогі шэрагу краін, у тым ліку Беларусі, у барацьбе з пандэміяй COVID-19. „Вядома ж, мы лічым, што неабходна аб’ядноўваць намаганні ўсіх дзяржаў, усіх міжнародных і рэгіянальных арганізацый у барацьбе з гэтай чумой цяперашняга стагоддзя, — сказаў Макей. — Так, на першапачатковым этапе пэўная дапамога ў выглядзе паставак канкрэтных тавараў была аказаная. Але тыя 50 млн, абяцаныя Беларусі, недзе згубіліся. Пра іх сёння не гавораць. Дзеля бога! Я перакананы, што Беларусь справіцца і без гэтых сродкаў. Але яшчэ раз павінен звярнуць увагу на тое, што мы тады скажам адкрыта нашаму беларускаму народу аб тым, як выконваюцца абяцанні, якія на нейкім этапе даюцца нашымі партнёрамі”.
У распаўсюджаным напярэдадні паведамленні прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі гаварылася, што на сустрэчы з Макеем дыпламаты „запыталі аб планах беларускіх уладаў у дачыненні да выканання патрабаванняў Канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права”, што, у першую чаргу, выявілася б у наступным:
– спыненні затрыманняў, гвалту і бесчалавечнага абыходжання з мірнымі пратэстоўцамі;
– вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых;
– судовым пераследзе тых, хто санкцыянаваў і ўчыняў акты гвалту і бесчалавечнага абыходжання, якія прывялі да раненняў, траўмаў, гібелі людзей і фармавання агульнай атмасферы беззаконнасці;
– правядзенні свабодных і справядлівых выбараў пад незалежным назіраннем.
Кіраўнікі дыпламатычных місій заклікалі беларускія ўлады „ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычнай супольнасці ў Беларусі ў выкананні сваіх стандартных дыпламатычных абавязкаў у атмасферы, свабоднай ад умяшання і запалохвання”. „Яны таксама выказалі чаканне, што беларускі бок пагодзіцца на вяртанне ў Беларусь паслоў Літвы і Польшчы і іх штата дыпламатычных супрацоўнікаў да канца года, — адзначалася ў паведамленні. — Дыпламаты паўтарылі, што іх урады гатовыя аказваць падтрымку і садзейнічаць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі, абараняючы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а таксама яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню”.