Макей: Швейцарыя з’яўляецца для нас прыкладам
Прыезд кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Швейцарыі і адкрыццё швейцарскага пасольства ў Беларусі «пераканаўча сведчаць аб пазітыўнай дынаміцы развіцця адносін» паміж дзвюма краінамі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках перамоў са швейцарскім калегам Іньяцыа Касісам 13 лютага ў Менску.
«Мы правялі адкрытыя і змястоўныя перамовы, якія дазволілі абмеркаваць шырокі спектр пытанняў, што знаходзяцца ў нашым парадку дня, – ад палітычнага дыялогу, пытанняў узаемнага гандлю, прыцягнення інвестыцый, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, сумесных праектаў у сферы правоў чалавека да ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы і галіне спорту», – сказаў Макей.
Паводле яго слоў, бакі абмяняліся думкамі «па актуальных тэмах па рэгіянальным і глабальным парадку дня». Макей назваў значным той факт, што візіт Касіса ў Беларусь праходзіць у пятую гадавіну правядзення «гістарычных перамоў у Менску ў нармандскім фармаце па сітуацыі на ўсходзе Украіны».
«У гэтым кантэксце варта адзначыць, што Беларусь і Швейцарыя не толькі выступаюць з падобных пазіцый па многіх пытаннях міжнароднай палітыкі, але і ўносяць адчувальны ўклад у зніжэнне канфрантацыі і ўмацаванне стабільнасці ў еўрапейскім рэгіёне і свеце, – сказаў Макей. – Швейцарыя ў гэтым плане з’яўляецца для нас прыкладам. Мы лічым, што абʼяднанне намаганняў Беларусі і Швейцарыі можа прынесці яшчэ больш карысці».
Макей таксама адзначыў, што на перамовах бакі дамовіліся правесці ў гэтым годзе чарговае пасяджэнне беларуска-швейцарскага сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое зробіць акцэнт на перспектыўных і найбольш важных кірунках двухбаковага ўзаемадзеяння.
Фота: БелТА