Макей: Спадзяюся, да канца года Лукашэнка наведае Еўразвяз



Аляксандр Лукашэнка да канца гэтага года можа наведаць Еўразвяз, паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей журналістам на форуме „Мінскага дыялогу” „Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы” 7 кастрычніка ў Менску.

Адказваючы на пытанне, калі Лукашэнка наведае якую-небудзь краіну ЕЗ, Макей сказаў: „З’ездзіць. Прыйдзе час і з’ездзіць. Пачакайце, праз некаторы час даведаецеся. Будзе праз некаторы час візіт. У гэтым годзе, я спадзяюся, мы зробім нармальны паўнавартасны візіт, у тым ліку на прастору ЕС”.

Макей заявіў, што не разумее, чаму такая вялікая ўвага надаецца пытанню візіту Лукашэнкі ў ЕЗ. „Мы заўсёды казалі пра тое, што візіт не павінен быць дзеля візіту, — падкрэсліў ён. — Візіт можа быць зроблены (і гэта наш прынцыповы падыход), калі ён падрыхтаваны, калі мы чакаем канкрэтных важных вынікаў ад гэтага візіту ў плане развіцця гандлёва- эканамічнага ўзаемадзеяння, палітычнага, гуманітарнага супрацоўніцтва і гэтак далей. Візіт дзеля візіту — гэта не самамэта. Мы павінны старанна рыхтаваць любы візіт, каб атрымаць вынікі, важныя для Беларусі і для іншай краіны-партнёра”.

На пытанне, ці датычыцца будучы візіт магчымага падпісання з ЕС пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, Макей адказаў: „Пытанне да нашых еўрапейскіх партнёраў. Мы, у прынцыпе, гатовы да падпісання, але мы цяпер чакаем адказу ад нашых еўрапейскіх партнёраў. Калі атрымаем сігнал аб тым, што яны гатовыя падпісваць, тады будзем вызначацца з датай і месцам падпісання”.

belapan.by

Фота sputnik.by