Макей сумняецца ў неабходнасці расейскай авіябазы ў Беларусі
Беларускі бок не бачыць неабходнасці ў цяперашняй сітуацыі весці перамовы пра размяшчэнне расейскай авіябазы ў Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю газеце „Комерсантъ” па выніках свайго рабочага візіту ў Маскву 26-27 кастрычніка.
Адказваючы на пытанне пра перспектывы размяшчэння ў Беларусі расейскай авіябазы, беларускі міністр сказаў: „Я б задаў вам сустрэчнае пытанне: размяшчэнне расейскай базы ў Беларусі прывядзе да таго, што ў рэгіёне знізіцца ваенна-палітычная напружанасць і запануе мір і стабільнасць, у прыватнасці, ва Украіне?”
„Вядома, з пункту гледжання расейскіх улад, расейская база садзейнічала б умацаванню бяспекі”, – парыравала журналіст.
„Адназначна размяшчэнне гэтай авіябазы не знізіць ваенна-палітычную напружанасць у рэгіёне, – зазначыў у сваю чаргу кіраўнік МЗС. – Наадварот, авіябаза выкліча раздражненне ў адрас і Менска, і Масквы. Апрача таго, у Беларусі зараз знаходзіцца столькі авіябаз, што там у лічаныя гадзіны можна размясціць сотні самалётаў. Таму для нас больш актуальна весці гаворку пра тое, каб быць гатовымі даць аператыўны адказ на выпадак росту напружанасці ў рэгіёне або пагрозы бяспецы Беларусі і Расеі”.
„У цяперашняй сітуацыі, калі ёсць шэраг іншых пытанняў, якія патрабуюць хуткага аператыўнага вырашэння, у тым ліку ўкраінскі крызіс і сітуацыя ў Сірыі, нам здаецца, што няма патрэбы весці гаворку пра размяшчэнне базы ў Беларусі,” – заявіў Макей.
„Ці правільна я зразумела, што перамовы вяліся, але ў цяперашняй сітуацыі гэта не стаіць на тэрміновым парадку дня?” – удакладніла інтэрв’юер.
„Міністэрства замежных спраў не вяло перамоў з расейскім бокам па пытаннях адкрыцця авіябазы”, – заявіў у адказ беларускі міністр.
19 верасня Уладзімір Пуцін распарадзіўся падпісаць пагадненне аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі. Адпаведны дакумент быў размешчаны на сайце Крамля.
Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка, сустракаючыся з працоўнымі калектывамі і жыхарамі Менскага раёна, заявіў, што гаворкі аб размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося. „Я назіраю апошнім часам лямант нашай апазіцыі наконт размяшчэння расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога пра гэта не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, – я пра гэта нічога не ведаю”, – сказаў ён.
„Нам не трэба база сёння. Тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву”, – дадаў Лукашэнка.
Гэту тэму ён зноў закрануў 11 кастрычніка падчас імправізаванага брыфінгу на выбарчым участку ў Менску. Кіраўнік Беларусі чарговы раз заявіў, што расейская авіябаза тут не патрэбная. „Я ваяваць не хачу, але, не дай бог, калі давядзецца, справа не ў базах, справа ў тым, што мы насмерць, як гэта калісьці было, будзем з расеянамі, з рускімі людзьмі і ўсімі тымі, хто хоча нас падтрымаць, стаяць тут насмерць, у Беларусі. Скажыце, для таго каб зараз забяспечыць вось гэтыя ўмовы, нам патрэбная нейкая база, асабліва ваенна-паветраных сіл?.. Самалёты, нават калі гэта будзе полк, не ахалодзяць натаўскія галовы. А ракеты – так”, – разважаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён даў зразумець, што не будзе супраць, калі замест ракет (або разам з ракетамі) расіяне перададуць беларускай арміі баявыя самалёты.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, на самітах у Казахстане 16 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на двухбаковай аснове пытанне пра авіябазу не абмяркоўвалі.