Макей сустрэўся з аналітыкамі нямецкага фонду Кёрбера



Міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з дэлегацыяй членаў „Знешнепалітычнай сеткі” германскага фонду імя Кёрбера, якія з 30 траўня па 1 чэрвеня здзяйсняюць інфармацыйную паездку ў Беларусь, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

Фонд імя Кёрбера з’яўляецца адным з вядучых аналітычных цэнтраў ФРГ у галіне знешняй палітыкі. „Знешнепалітычная сетка”, якая функцыянуе ў рамках фонду, аб’ядноўвае маладых прафесіяналаў у міжнароднай сферы. Штогод з 2005 года па лініі фонду арганізуюцца рабочыя паездкі ў краіны, „якія маюць асаблівае значэнне для германскай знешняй палітыкі”.

У склад дэлегацыі ўвайшлі супрацоўнікі ведамства федэральнага канцлера ФРГ, апарата Бундэстага, федэральных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі аналітычных структур, акрэдытаванага ў Берліне дыпкорпуса. У сустрэчы ў МЗС узяў удзел пасол Германіі Петэр Дэтмар.

У сваім выступе Макей „ахарактарызаваў асноўныя прыярытэты знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, падрабязна асвятліў знешнепалітычныя ініцыятывы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на прасоўванне ідэй партнёрства інтэграцыйных аб’яднанняў, абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу ў сферы бяспекі, закрануў тэматыку ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕЗ і развіцця беларуска-германскіх адносінаў” .

Кіраўнік МЗС „адказаў на шэраг пытанняў” і „пацвердзіў зацікаўленасць беларускага боку ў працягу канструктыўнага супрацоўніцтва з фондам імя Кёрбера”.

belapan.by