Макей сустрэўся з Борысам Джонсанам і прынцам Майклам Кенцкім
Беларусь і Вялікабрытанія дамовіліся развіваць міжурадавы дыялог для садзейнічання нарошчванню ўзаемнага гандлю і інвестыцый. Такая дамоўленасць дасягнута па выніках афіцыйнага візіту 27-28 сакавіка міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Гэта першы візіт кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі ў Вялікабрытанію з 1993 года. У час візіту прайшла сустрэча Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў і па справах Садружнасці Борысам Джонсанам, на якой абмеркаваны перспектывы развіцця двухбаковых адносін у кантэксце актуальнай сітуацыі ў еўрапейскім рэгіёне, у тым ліку выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза.
Адзначана зацікаўленасць бакоў у далейшым развіцці двухбаковых адносін ва ўсіх галінах, а таксама ў пашырэнні ініцыятыў, якія былі б накіраваны на аслабленне напружанасці міжнароднай абстаноўкі ў рэгіёне.
Таксама Уладзімір Макей сустрэўся з членам брытанскай каралеўскай сям’і прынцам Майклам Кенцкім.
Праведзены таксама перагаворы па шырокім спектры палітычных і эканамічных пытанняў з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі Міністэрства замежных спраў Аланам Дунканам і дзяржаўным міністрам па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Грэгам Хэндсам.
Па выніках афіцыйных сустрэч падпісаны дакументы: аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама аб узаемадзеянні паміж мытнымі органамі дзвюх краін.
Апошнія гады Вялікабрытанія з’яўляецца адным з вядучых эканамічных партнёраў Беларусі. Па экспарце беларускіх тавараў Вялікабрытанія апошнія некалькі гадоў устойліва займае трэцяе месца пасля Расеі і Украіны.
Фота твітар-акаўнта МЗС