Макей сустрэўся з новым паслом Расеі
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей правёў сустрэчу з новым паслом Расеі Міхаілам Бабічам з нагоды ўручэння ім копій даверчых грамат.
Міністр „пажадаў поспехаў паслу Расеі і выказаў надзею на актыўную сумесную працу з мэтай далейшага ўмацавання стратэгічных адносін паміж Менскам і Масквой”, паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Падчас сустрэчы абмеркаваныя „актуальныя пытанні беларуска-расейскіх адносін і бліжэйшы парадак дня двухбаковых палітычных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях”. Разгледжаныя „практычныя крокі па інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.
Бакі таксама закранулі „тэматыку ўзаемадзеяння ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў”.
Бабіч прызначаны паслом у Менску 24 жніўня. Адпаведны ўказ падпісаў расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Яшчэ адным указам Бабіч прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.
У сувязі з новымі прызначэннямі Пуцін вызваліў Бабіча ад пасады паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе. На пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка Бабіч працаваў з 15 снежня 2011 года. Ён кандыдат эканамічных навук, член праўладнай партыі „Адзіная Расея”. Быў старшынёй урада Чачэнскай Рэспублікі з лістапада 2002 года па люты 2003-га.
Як адзначалі раней эксперты партала РБК, сумяшчэнне пасады пасла ў іншай дзяржаве з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта — досыць рэдкі выпадак у расейскай дыпламатычнай практыцы. Напрыклад, дзве пасады сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў, якія былі пасламі ва Украіне і адначасова спецпрадстаўнікамі прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносін з гэтай краінай.
РБК падкрэсліваў, што пасада спецпрадстаўніка прэзідэнта дае паслу дадатковыя рычагі ўплыву: акрамя традыцыйнай дыпламатычнай працы па лініі МЗС ён можа па сваім кірунку ставіць задачы расейскім органам выканаўчай улады, збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў урада.
Папярэдні пасол Расеі ў Беларусі, 77-гадовы Аляксандр Сурыкаў, прапрацаваў на гэтай пасадзе 12 гадоў.